Думалі, што ў Барысаве глянеце на замак і арэну, прагуляецеся каля Беразіны, а тады ўжо і няма што рабіць? А як жа выпіць за сваю каманду ў Ірландскім Пабе каля гарадскога стадыёна? Мы прыехалі туды не толькі па якаснае піва, але і каб паразмаўляць з яго заснавальнікам Мікалаем Рыжым пра бізнесменаў з 90-х, алкаголь і ўтульны бар з уласнай тусоўкай.
— Атрымалася цікава. Я ў Маскве працаваў 9 год таму. Там мы з сябрам аднойчы сустрэліся ў ірландскім пабе. Куфаль піва, другі выпілі – ужо хмяльныя трошкі (пстрыкае па шыі), сядзім… Вечар добры, усё цудоўна, размаўляем пра ўсё. Музыкі граюць. І Пашка такі кажа: «Мікола, чаму ў нас у Барысаве… Ды ладна ў Барысаве, нават у краіне няма такіх месцаў?» Кожны хлопец, калі мае дзесьці пад 30 год, кажа сам сабе: «Хачу адчыніць бар». І я такі, таксама п’яненькі, Пашке кажу: «Давай адчынім». – «А давай».
— Па п’яне!
— Адчынялі ж цвярозыя (пасмяхаецца). Вось праз год-паўтары ў 2012-ым адчынілі.
— Цяжка было пачынаць?
— Самае цяжкае было тое, што мы нічога такога ані разу не рабілі. Мы адразу на гэтым вучыліся. Спачатку пайшлі ў выканкам, усё зарэгістравалі, у санстанцыю, да пажарнікаў. Да ўсіх схадзілі і запыталі, што ад нас патрэбна. Але нам не ўсё распавялі, таму што не хочуць працаваць, грошы ж і так атрымліваюць. Потым яны прыйдуць з праверкай, тады апавядуць, што ў нас не так (пасмяхаецца). На кожнай праверцы ўсё роўна нешта знаходзяць. Таму што ў нас што? Нельга не знайсці.
— Дагэтуль штосьці знаходзяць?
— Безумоўна. Трэба разумець, што ёсць некаторыя рэчы, якія немагчыма выправіць. СаНПіН у нас напісаны недзе ў 70-ых гадах. Ён амаль не змяніўся з таго часу. Напрыклад, там напісана, што мыльніца ад рукамыйніка павінна вісець не болей, чым на 5 сантыметраў. Абавязкова павінен быць кран, які тырчыць на вышыні паўметра. А я не магу зрабіць некаторыя рэчы, бо яны патрабуюць перепланіроўкі памяшканняў.
— І за гэта даводзіцца кожны год плаціць?
— Шмат хто адэкватна падыходзіць да гэтага. Калі ў плане стаіць, то нешта выпішуць. У нас жа як? Трэба паказваць дзейнасць, што структуры працуюць. Мне падаецца, не трэба праводзіць праверкі, каб санстанцыя напісала, што тут нельга есці – людзі і так усё пабачаць. Калі ў мяне нямытыя талеркі, то да мяне папросту не будуць хадзіць. Галасаванне рублём, так званае. Але гэта пакуль што звычка. Веру, што час зменіцца.
— З кім вы пачыналі гэтую справу?
— З жонкай і сябрам. Яго жонка таксама ў нас працуе. Мы лепшыя сябры амаль з дзяцінства.
— Часта, калі пачынаецца агульны бізнес, то сяброўства знікае.
— Гэта не бізнес, а больш для душы. Таму што бізнес можа ў каго і атрымліваецца ў Менску, але ў маленькіх гарадках вельмі цяжка выжываць на такія грошы. Гэта не датычыцца грошай, таму сяброўства працягваецца.
— Цяпер хто вашая каманда?
— Мая каманда – гэта я, мая жонка. А працаўнікі прыходзяць-сыходзяць, таму што ў нашай краіне мала хто звязвае сваё жыццё з барам. Гэта не Францыя, дзе можна сустрэць 50-гадовага афіцыянта ці бармэна. Тут часцей працуюць студэнты ці нейкія людзі, якія год-другі дзесьці перабіваюцца. Адзіны чалавек, які ў нас з самага адкрыцця – гэта сённяшні бармэн Слава, але ён ад нас сыходзіў некалькі разоў. Я нікога не трымаю, усе павінны неяк развівацца. У Амерыку Слава спрабаваў з’ездзіць, у Менск перабрацца. Ён вельмі добры чалавек і добры бармэн. Я пра ўсіх сваіх магу так сказаць.
— Вы дзесьці вучыліся ўтрымліваць бізнес?
— Мы шмат на што глядзелі, шмат што вывучалі. У Косці ў Маскве я падпрацаваў некалькі дзён бармэнам. Быў на кухне, чытаў пра абсталяванне, рабіў канспекты, паглядзеў у інтэрнэце фотаздымкі, планы. Усё. Я прыехаў, паспрабаваў зрабіць, зрабіў. Некаторыя рашэнні былі проста цудоўныя, якіх я не бачыў у тых месцах, дзе пабываў. Некаторыя рэчы я не заўважыў, таму яны зрабіліся пазней, а нешта перарабіць ужо нельга.
— Што хацелася б перарабіць?
— Некаторыя рэчы з барнай стойкай, па арганізацыі працы бармэна. Штосьці па арганізацыі кухні. Яе мы ўжо два разы перараблялі з ног да галавы.
— Але ўсё астатняе вывучалася на практыцы?
— На памылках, а інакш ніяк. Ва ўсіх бізнес-школах, якія існуюць у СНД, выкладаюць людзі, якія ані разу не займаліся бізнесам. Максімум, што яны зрабілі – гэта пачыталі кніжку, якую напісаў чалавек, які таксама не мае бізнесу. Не ўмееш працаваць, а вучыш. Вельмі рэдкі выпадак, калі чалавек напісаў кнігу пра сваю справу. Іх пералічыць па пальцах левай рукі сляпога повара.
— Бачу, што за гэтыя гады шмат чаго накапілася ў бары.
— Меч падарыў той самы Канстанцін, уладальнік бара з Масквы. Ён прывез яго недзе праз тыдзень, калі мы адчыніліся, і сказаў: «У кожным пабе павінен быць меч». Шалікі БАТЭ і іншых камандаў прывезлі фанаты. Там на бары грошы таксама напрывозілі, больш за 106 валютаў. Там жа калекцыя падставак да піва, больш за 200 штук. На бары ўвогуле шмат усяго. Вунь кінжал. Нават не памятаю, хто падарыў. Нешта ўвесь час дораць, прывозяць цікавыя штучкі. Мой нябожчык бацька – мастак. Ён намаляваў і падарыў пабу партрэт Артура Гінэса (ірландскі півавар). Яшчэ мой сябра быў, падаецца, у аэрапорце ў Францыі і пабачыў вінтажныя афішы канцэртаў. Прывез, падарыў, вось «Aerosmith», «The Doors».
Заспявайма ёдль!
«Бульба і шлюб – дзве занадта сур’ёзныя рэчы, каб з імі жартаваць», – кажа ірландская прымаўка. Апынулася, што Ірландскі Паб мае ў сабе і беларускі падтэкст.
— Ірландскі паб – гэта святовы брэнд. Калі прыходзіш у ірландскі паб, у ім заўсёды шмат знаёмых. Гэта пра людзей, а не папросту пра алкаголь.
— Як ствараецца гэтая суполка?
— Адзін раз прыйшоў, другі – цябе ўжо ведаюць афіцыянткі, бармэны, людзі за суседнімі сталамі. Ты прыходзіш і 15 хвілін з усімі вітаешся. Потым толькі кажаш: «Мне як заўсёды». І бармэн ведае, што гэта. Ёсць тыя, хто гэтым не карыстаюцца, папросту прыходзяць паесці-папіць. А ёсць тыя, хто ўліваюцца ў тусоўку.
— Якое значэнне мае Ірландыя ў пабе?
— Калі я ўпершыню паспытаў Гінэс (піва) у ірландскім пабе, то пайшло: шмат чытаў, глядзеў і заўважыў, што ў Беларусі і Ірландыі шмат падобнага.
— Што напрыклад?
— Ёсць маленькая Ірландыя, а ёсць вялікая Велікабрытанія. Увесь час свайго жыцця ірландцы адстойваюць сваю незалежнасць. У іх таксама праблемы з мовай. У адрозненні ад нас, у Ірландыі нельга працаваць чыноўнікам, калі ты не ведаеш ірландскую мову. А размаўляюць на ірландскай мове 2-5 адсоткаў – нават менш, чым у Беларусі па-беларуску. Усе ведаюць, што гэта мова захопнікаў, але на ангельскай размаўляюць, таму што вельмі шмат турыстаў, не могуць адмовіцца ад яе. У нас тая ж самая сітуацыя з нашай мовай.
Тая ж сітуацыя з Вялікім Братам, які ўвесь час глядзіць на нас і хоча, каб мы сталі губерніяй. Бульба ж у Ірландыі стала вельмі папулярнай падчас галадамору, калі Англія не давала займацца гандлем. Яны таксама ядуць дранікі, але называюць іх боксці. Так у Ірландыі называюць і нашую бабку. Яе таксама, як у нашых вёсках, у нядзелю елі. Адчуваецца, што кельты вельмі паўплывалі на Беларусь. Той жа самы колер валасоў, блакітныя вочы. Музычныя інструменты: у іх валынка, у нас дуда.
— Як вы выкарыстоўваеце гэтыя падабенствы?
— Я праз гэтую культуру вырашыў разварушыць беларускую суполку. Я не магу зрабіць бізнес, які будзе пабудаваны на беларускай культуры. Атрымаецца вузкая рэч. Напрыклад, S*****.*y у невялічкім памяшканні, але поштай рассылаецца па ўсёй краіне. А шматпакутны «Ў Бар» адчыняецца-зачыняецца. Ніхто не ходзіць, але ўсе свядомыя жадаюць, каб ён існаваў. Таму людзі гатовыя скінуцца грашыма. Я не мог зрабіць нацыянальны, беларускі, фальклорны.
— Але хацелася б?
— Не тое, каб хацелася. Нельга зрабіць нашую беларускую карчму такім чынам, каб яна была такая ж вясёлая, як і ў ірландцаў, таму што ў іх нават памінкі – весялосць. Вось гэтым мы адрозніваемся вельмі моцна: яны намагаюцца не сумаваць нават калі вельмі сумна, а ў нас так нельга.
Што рабіць, пакуль не піць?
Ірландскі Паб між іншым грае ролю пляцоўкі для некаторых культурных мерапрыемстваў горада, а таксама для славутых гуртоў і спевакоў нашай краіны.
— Тут у мяне неадначасова выступалі беларускія гурты: «Akute», «Нейра Дзюбель», «Дай Дарогу!», «Крама», «Лявон Вольскі». Лявон у Барысаве выступаў, калі яшчэ было «NRM». «Дзецюкі» былі ў кастрычніку.
— Плануюцца яшчэ?
— Мы плануем, але трэба разумець, што я амаль ад ніводнага канцэрту не атрымаў плюс. Таму што калі я захачу яго атрымаць, то квіткі будуць непад’ёмныя, як у Менску. Я і так не магу сабраць залу. Апошнім разам я адмовіў Вольскаму, таму што калі мне патэлефанаваў Уладзімер, яго канцэртны арганізатар, я і шмат маіх знаёмых ужо набылі квіткі ў менскі Prime Hall, а ён хацеў канцэрт праз тыдзень у Барысаве. У пабе мне ўжо сэнсу не было рабіць, таму што ўсе з’язджаюць у Менск.
— А вечары з жывой музыкай часта ладзіце?
— Нашыя госці не зацікаўленыя, калі такое вельмі часта. Яны прыходзяць пагутарыць паміж сабой, нешта абмеркаваць. А жывая музыка – гэта іншы фармат. Таму гэта робім кропкава і заўсёды з паведамленнямі, каб людзі ведалі.
— Якія яшчэ мерапрыемствы ў вас адбываюцца?
— Курсы, раз на тыдзень гуляюць у «МазгаБойню». Удзельнікі плацяць арганізатарам, а я папросту даю пляцоўку. Гэта альтруізм. Я не раблю з гэтага бізнес.
— А што наконт вашых уласных мерапрыемстваў?
— Самае-самае мерапрыемства – гэта Дзень нараджэння паба. Кожны раз бітком, людзей вельмі шмат. У нас тады музыка, конкурсы, фаер-шоу. Дзень Святога Патрыка святкуем па-рознаму. Летась папросту зрабілі акцыю па піве. Не паспелі дамовіцца з музыкамі. Але, каб было зразумела, 17 сакавіка (Дзень Св. Патрыка) без усялякай рэкламы было забраніравана 2/3 залы за два тыдні да свята. Тое ж самае ў нас адбываецца 31 кастрычніка (Хэлоўін) і 15 чэрвеня (Дзень нараджэння паба). Гэта мерапрыемствы, якія мы штогод ладзім. Людзі ўжо звыкліся, і ў іх календары стаіць галачка.
— Як вы бачыце свайго кліента?
— Кліент – гэта госць. У рэстаранах ёсць такі карпаратыўны момант. Трэба выпраўляць: «Кліенты ў прастытутак» (смяецца).
— Ці з’явіліся сябры сярод гасцей?
— Сяброўства бывае рознае. Ёсць людзі, якіх я часта бачу, а ёсць людзі, якіх рэдка, але ведаю, што менавіта яны мне дапамогуць. Тут з’явілася сяброўства, але не ў глыбокім сэнсе. З адным чалавекам я вып’ю гарэлкі, а з іншым дзетак пахрышчу.
— Пэўна вялікую частку наведнікаў складаюць фанаты.
— Нашыя фанаты добрыя. Вось адзін з іх сядзіць зараз з сям’ёй. Самы старэйшы галоўны фанат у Барысаве. Кожны матч, калі БАТЭ праходзіць у Еўракубкі, то гэта поўны паб то немцаў, то ангельцаў. Ірландцы прыязджалі.
— Якія былі іх водгукі пра бар?
— Усе задаволеныя. Калі летам гуляла зборная Ірландыі, адна сям’я зняла домік непадалёк. Яны тры дні ў нас тусаваліся з раніцы да вечара. Самае добрае, калі яны сказалі: «У нас у Ірландыі такіх мала». Тут трэба разумець, што брэнд «ірландскі паб» па свеце разышоўся, але ён вельмі розны. Калі браць Усходнюю Еўропу, то гэта заўсёды добры інтэр’ер, як у Дубліне «Temple Bar». Калі мы не бярэм цэнтральны Дублін, а ў старонку на тры вуліцы адыдзем, то ірландскі паб – гэта белыя сцены, унітаз можа быць папросту дзюркай ў падлозе, як у нашых самых танных «румашных» з савецкага часу.
Ці застаюцца грошы на піва?
Асабліва нас зацікавіла тое, што бар знаходзіцца далёка не ў самым бачным месцы горада – на нечаканы прыбытак ад раптоўных гасцей спадзяванняў мала.
— Калі б гэта была вялікая праходнасць, то бар бы не стаў такім месцячковым, было б больш людзей, якія прыходзяць раптоўна. Ва ўсім ёсць свая рамантыка. А горад небагаты. Ды і зацікаўленасць меншая. Ёсць такія людзі, якім не падабаецца, што ў мяне ідзе футбол. Шмат хто хоча, каб былі кліпы. Навошта? Ніхто не ведае. Ёсць катэгорыя людзей, якім не падабаецца, што ў нас грае рок, а не папса. Шмат каму патрэбна, асабліва а 11 вечара, каб дэнс-дэнс-дэнс. Ёсць людзі, якім падавай толькі піцу. Камусьці толькі сушы. Сушы трэба есці ў японскім рэстаране. Піцу – у італьянскім. У мяне ірландскі паб, у мяне свая кухня. Ёсць і тыя, каму не падабаецца кошт, якім усё роўна, што піць, абы гарэла.
— На што найбольш выдаткоўваеце?
— Найбольш у нас ідзе на закуп тавару: алкаголь, ежа. Але ўсё, што я купіў, потым прадаў. Гэта нельга лічыць тратамі. Без іх я не магу абыйсціся. Вось арэнда – гэта фіксаваная штука, якую я кожны месяц павінен адрэзаць. Да таго ж кошты вылічаныя для месцаў з вялікай праходнасцю. А калі гэта, як у нас, не заўсёды ўсё атрымліваецца добра. І на заробкі выдаткоўваем вялікую частку.
— Ці ёсць у вас партнёры?
— Ёсць рэстаратары, з якімі не перасякаюцца погляды. Ёсць тыя, з якімі ў нас вельмі добрыя адносіны. З Дзімай, уладальнікам яшчэ аднаго бара, заўсёды адзін аднаму дапамагаем. У мяне газ скончыўся – я да яго прыехаў. Аднойчы ім на выходныя не прыехалі сурвэткі для туалета і папера – я яму дапамог.
— То бок гэта больш па-сяброўску?
— Так-так. Ёсць у нас яшчэ караоке MyStar. Раней гэта была більярдная. У нас не хапала відэльцаў, а была поўная пасадка. Я папрасіў дапамогі, і нам далі. Яны ў нас талеркі бралі да гэтага. Без праблем.
— А ці існуе ў Барысаве нейкая бізнес-суполка?
— Нашыя бізнесоўцы дзеляцца на дзве катэгорыі: з 90-ых і не. Першы тып – гэта такія людзі: 90-я скончыліся, а яны размаўляюць так, як трэба было тады размаўляць. Блатная гэтая гаворка. З імі мне вельмі цяжка весці дыялог. Я вырас у сям’і мастака. Увесь час са сваім нябожчыкам бацькам я размаўляў на беларускай мове. Я хоць і рос у асяроддзі, калі мае сябры так ці інакш ужывалі тыя ці іншыя словы, але на мяне гэтага ўплыву, дзякуючы майму бацьку, не было. Я лаюся матам, але не выкарыстоўваю яго як коскі, кропкі. Калі па справе трэба мацюкнуцца, то мацюкнуся.
— Ці адчуваеце канкурэнцыю ў Барысаве?
— Ды не. Розныя канцэпцыі ва ўсіх. Магчыма ёсць нейкія ў нас бары, якія між сабой дзяруцца. Я лічу, што месца хопіць усім. Калі ўзяць колькасць месцаў, дзе можна адпачыць, то іх значна менш, чым у Менску на душу насельніцтва. Безумоўна, трэба сказаць, што і дастатак у Барысаве меншы. Калі грошы будуць, то і месцаў будзе больш.
Не абы гарэла – абы смакавала
Некаторых усё ж прываблівае менавіта запальваючая якасць алкаголю, таму без інцыдэнтаў у пабе не абышлося.
— Былі дракі, бываюць канфлікты, бывае, што людзі прыходзяць упершыню, і яны адразу зараджаныя негатывам, яны хочуць канфлікту – канфлікт атрымліваюць, а потым трэба выклікаць міліцыю. Да ўсякага даходзіла. Шмат чаго было, хаця калі браць іншыя месцы, то ахову выклікаюць па 3-4 разы на ноч, а ў нас 3-4 разы на год.
— Чаму ў вас так?
— У нас няма таннага бухла. Нельга прыйсці і на 5 рублёў напіцца гарэлкай. Такая магчымасць выключаная. Калі людзі прыходзяць, то гэта ўжо папросту канфліктныя людзі самі па сабе. Бывае, падвыпіўшы прыходзяць. Бываюць людзі, за якімі бацькі не сачылі ў дзяцінстве, і яны выраслі ў тое, ува што выраслі. Людзі ўсе розныя. Ёсць людзі, у якіх толькі падшафэ праяўляецца нешта. Вось жывеш, ёсць каля цябе чалавек, і ты думаеш, што ён залаты. Потым пэўны час на стакане пасядзелі, і ты думаеш: «Ё-маё». Такое бывала. Ёсць жа людзі, якім сорамна пасля п’янкі, а ёсць людзі, за якіх сорамна (пасмяхаецца).
— Якое ў вас любімае піва?
— Гінэс.
— А што наведнікі п’юць часцей?
— Гінэс (пасмяхаецца).
— Гэта можна растлумачыць?
— Любоў да Гінэсу – гэта такая справа… Ёсць гісторыя. Мне аднойчы яе апавёў Канстанцін. У Гінэс улюбляюцца ў трох выпадках. Гэта можа быць любоў з першага разу. Паспытаў – і назаўсёды. Другі выпадак – гэта калі адзін бакал, трэці – і таксама. А трэці – гэта калі не п’еш, не п’еш, не п’еш яго, а потым адзін раз паспытаеш і такі: «О, Гінэс». Вось у мяне так атрымалася.
Калі я ўпершыню яго паспытаў, то мне не спадабалася. Мне спадабаўся Кілкені. Я год ці два не піў Гінэс, толькі час ад часу. І вось у нейкі момант я прыходжу да Канстанціна ў бар, там у яго 23 піўных крана. Я ўжо ўсё паспытаў, сяджу. Бармэн пытае: «Ну што сёння будзеш?» – «Ну нават не ведаю, што выпіць. Гэта сёння будзе горкім, гэта дужа салодкім (пасмяхаецца). Гінэс!» І ён: «Ты ж яго не п’еш». – «Мабыць усё ж п’ю».
Я паспытаў Гінэс і зразумеў адно: для мяне там баланс ва ўсім. Калі я яшчэ не выпіў 100500 піўных сартоў, то мне падавалася, што Гінэс невясёлы, што нічога цікавага ў ім няма. А калі паспытаў, то мне ўжо адно вельмі горкае, другое вельмі салодкае, тое вельмі кіслінкай нейкай аддае, тут хмелю вельмі шмат. У Гінэсе нічога гэтага няма. Ён ані горкі, ані салодкі. Ён Гінэс.
— І заўсёды ўжо яго п’еце?
— Калі мы сядзім з хлопцамі і п’ем адно за адным, то тады п’ю толькі яго. Я не магу выпіць два куфлі Дабл IPA, адзін куфаль Портэр, яшчэ нешта. Зранку тады не прачнуся. У мяне башка будзе… А калі я п’ю Гінэс, то ведаю, колькі мне яго можна.
— Ёсць рэцэпты з гісторыяй?
— Мабыць у нас толькі адзін такі кактэйль ёсць. Вясёлая назва ў яго: «Перо из жопы полярной совы». Дзяўчынка сядзела і анекдот апавяла, дзе гэтая фраза ўжывалася. Ну а ў нас быў кактэйль, для якога Дзяніс не мог прыдумаць назву, так і назвалі.
— Пасуе пад назву?
— Дзяніс дадаў джын, таму ён аддае ядлоўцам, і мае невялічкае зімовае адценне. Па выглядзе не пасуе (пасмяхаецца).
Калі мы думалі наконт інтэрв’ю пра паб у Барысаве, то ўяўлялі сабе выключна забаўляльнае месца. Але і гэтым разам трапілі туды, куды і хацелі, каб нас завяла новая рубрыка – да тых людзей, якія змяняюць свой горад.
— Калі я адчыняў паб, мне ніхто не хацеў прадаваць дарагое піва. Была толькі адна невялічкая крама, у якой можна было купіць смачнае еўрапейскае піва. Лічылася, што ў нас няма попыту, што ў рэгіёнах п’юць толькі нейкае таннае беларускае. Мне казалі, што ім нецікава прыязджаць, ставіць краны, прыбіраць іх. Думалі, што мы не зможам прадаць. Але пазней зразумелі, што ўсё добра. І з чатырох кранаў адразу стала восем.
Зараз не ведаю, колькі: яно заўсёды туды-сюды вагаецца. Адно і тое ж у мяне не стаіць. Недзе праз два месяцы гэтае еўрапейскае піва было амаль ва ўсіх крамах. Атрымалася, што ўсё ж такі ёсць тыя, каму гэта цікава. Тое ж самае з канцэртамі. У нас толькі Дом Культуры рабіў іх, і ніхто туды не хадзіў. Я паспрабаваў, ну і час ад часу пачалі рабіць нейкія канцэртныя гісторыі.
З «МазгаБойняй» таксама. Калі яны прыйшлі, у мяне яшчэ не было тэхнічнай магчымасці паказваць карцінку на ўсе тэлевізары адначасова. Я заняўся гэтым пытаннем. Пакуль што яны знайшлі іншае месца, але гэтая пляцоўка не займалася іх рэкламай, а афіцыянткі маглі папросту не падыходзіць да сталоў. Ну незацікаўленая была гэтая пляцоўка. Да шостай-сёмай гульні туды прыходзіла ўсяго 6 камандаў. Я хлопцам сказаў: «Давайце да мяне». Тэхнічна ўсё ўжо было магчыма. Праз паўгады ў нас гуляла 20 каманд штотыдня.
— Чым так важна «МазгаБойня»?
— У Барысаве няма мерапрыемстваў, а гэта такі спосаб правесці час, і мазгі парухаюцца. Іншыя пляцоўкі таксама захацелі праводзіць. Зараз «Jack Quiz», новая гульня, ладзіцца на «Fабрыцы», на той пляцоўцы, дзе была «МазгаБойня». Ім ужо стала цікава. Цяпер ужо ніводная пляцоўка не адмовіць ніводнаму кўізу, таму што ўсе бачаць, што гэта нейкія грошы ў будзённы дзень. Але я рабіў гэта ў першую чаргу не для грошай. Яшчэ год 5 таму вырашылі набыць настольныя гульні. Прывезлі недзе 10. Цяпер настольныя гульні ў нас у кожным трэцім бары.
— Чаму не ў Менску зрабіць бар?
— Я не люблю мегаполісы. Мне падабаецца мой родны Барысаў. У адзін момант вырашыў, што калі ўжо я буду звязваць жыццё з Барысавам, то буду рабіць нешта добрае для горада. Так ці інакш я буду намагацца ўплываць на людзей, якія тут жывуць. Зрабіць паб – гэта я лічу вельмі добрым з майго боку ўчынкам. Ох, ёсць рэчы, на якія я б хацеў яшчэ больш паўплываць. Але пачынаю з сябе. Мне б хацелася, каб сваю справу добра рабілі і нашыя чыноўнікі, якія сядзяць на пасадах. А я бачу, што яны не ведаюць, як рабіць добра. У нас ёсць нейкія выпрацаваныя стандарты, якія даўно неактуальныя.
— Якія планы на будучыню?
— Калі браць паб, то папросту працягваць. Цяпер мы з жонкай больш зацікаўленыя ў тым, як бы нам зрабіць, каб Барысаў стаў невялічкім еўрапейскім гарадком, а не Чалябінскам. Сёлета вырашылі з жонкай пачаць. А як мы будзем гэта рабіць, яшчэ не ведаем.
«Жоўта-сіні фронт, жоўта-сінія фанаты, сын! На трыбунах муцім шоу, як раз’юшаныя псы!» Нечым такім мы падбадзёрвалі сябе, змагаючыся з ветрам і холадам. І безумоўна, на шляху да Ірландскага Паба мы традыцыйна назбіралі для вас думкі мясцовых. Паразмаўлялі з барысаўчанамі пра векавечнае: дуракі і дарогі.
Юлія, ТАА «Резинотехника», 32 гады
«Парк гарадскі падабаецца. У нас быццам усё нармальна. Мы жывем за чыгункай, там менш шуму. Нам нішто не перашкаджае, але дарогі кашмарныя. Ехаць немагчыма. У нас дык увогуле можна калёсы пакінуць. Я б у Менск не пераехала, мы звыкліся. Тут ціха, спакойна. Менск быў бы шумны моцна, вялікі. Тут прасцей».
Зміцер, вучань школы №8, 15 год
«Я не хачу з‘язджаць у Менск, магчыма толькі на вучобу і ўсё. Менск – вялікі горад, гэта не для мяне. У Барысаве маё любімае месца – гарадскі парк. Там прыгожа, прырода. Пагуляць можна. Толькі вось цяпер гэтая будоўля моста перашкаджае, шчыра кажучы. А так усё добра. Калі ўсё зробяць, то будзе прыгожа».
Наталля, Камбінат дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, 58 год
«Парк, мабыць, любімае месца. Я ўвогуле люблю папросту горад. Хацелася б у Менск з‘ехаць, але няма сродкаў. Я люблю вялікія гарады. Люблю сёння паехаць у адзін раён, заўтра ў іншы».
Святлана, месца працы не назвала, 47 год
«Мы переехали в Борисов из России по семейным обстоятельствам. Зачем же все раскрывать? Вы записываете все это? Вот поэтому я так и отвечаю. Любимое место в Борисове – дом. Больше ничего не люблю. Тут дороги – проблема. Еще больше всего здесь угнетает… Так как я работаю в Минске, а живу здесь, все учреждения, которые надо посетить, например, ЖКХ , работают только по будням с 8 до 17! Поэтому никакого здесь у меня любимого места абсолютно нет. Хотела бы, конечно, переехать в Минск, но материальная составляющая не позволяет».
Зміцер, без працы, 45 год
«Я пераехаў сюды з Варшавы, мабыць, тыдзень таму. Барысаў – мой родны горад, тут мая сям’я, мае дзеці, і я вырашыў вярнуцца. У Варшаве быў доўга, нават не памятаю, колькі. Зараз тут трэба знайсці працу. У Барысаве люблю Батарэі (лішкі ўмацаванняў на правым беразе Беразіны 1812 года), старую частку горада, касцёл, рынак».
Аліна, вучаніца гімназіі №3, 17 год
«Я тут жыву ад самага нараджэння, да ўсяго ўжо прызвычаілася, таму, напэўна, няма любімага месца. Галоўным чынам уся моладзь гуляе ці ў парку, ці па плошчы. Хацелася б, каб былі больш сучасныя будынкі. Безумоўна, хацела б пераехаць у Менск на вучобу ды і ўвогуле. Там больш перспектыў».
Яўген, пенсіянер, 69 год
«У Дом культуры схадзілі нядаўна на «Лебядзінае возера», прыязджалі з Менску з прымай. Я думаў прывязуць нейкі моладзевы ці ветэранскі склад, а яны прывезлі першы. Не хацелася б пераехаць у Менск. Я, калі б пераехаў, то, мусіць, у Маскву, у мяне там дачка. Ці ў Нідэрланды, у мяне там сын. Ёсць у нас з жонкай думкі кудысьці рвануць. Мабыць да цёплых берагоў, дзе больш сонца. Гэта так, мары. У Менск не хочацца. Шумна і дзе там жыць? На дзявятым паверсе, за ліфт плаціць і чакаць, пакуль ён прыедзе? А ў мяне тут усё: каліту адчыніў, у двор выйшаў, майку апрануў і нікога не баюся. Кроп пасеяў, агурок сарваў, бульбы выкапаў вядро, каб на рынак не бегаць. Ну і ўсё, усё добра».
Надзея, пенсіянерка, 62 гады
«У мяне каля Барысава адзінае любімае месца, дзе я нарадзілася – Брылёўскае поле. А тут мне гуляць няма калі: на лецішча езджу. У Менску я не люблю бываць, бо там шумна. Я прыязджаю ў Менск і думаю: «Хутчэй бы мне ў электрычку сесці і назад. Ой, я бліжэй, бліжэй да свайго горада! Ой, усё добра, ціха». Прыехала на чыгунку, іду, на вуліцах спакойна, натоўпу няма. Усё добра, толькі каб п‘яніц менш было».
Таццяна, пенсіянерка, 66 год
«Дзе нарадзіўся, там і прыгадзіўся. Мне, напрыклад, Прыгор’е маё падабаецца, мікрараён. Гуляем на цэнтральнай плошчы. Асабліва не хаджу, таму што інвалід другой групы. Не падабаецца мне, калі доўга грыміць. У нас жа цяпер рамонт моста, гэта ўсё зацягнулася. Яго ўжо робяць можа больш за год. І нязручнасці, безумоўна».
Мікалай Рыжы, саўладальнік Ірландскага Паба, 36 год
«Калі так браць, я папросту хаджу пешшу па горадзе і ўсё. Я не абіраю канкрэтнае месца. У дзяцінстве ў мяне, безумоўна, такія месцы былі. Паловы з іх ужо няма, у другой палове рамантыка знікла. Хацелася б, безумоўна, каб у нас замест лядовага палацу, які нікому не патрэбны, зрабілі б гарадскі парк і бераг ракі, чым гэты лядовы ў горадзе, дзе нават на коўзанку не збіраецца людзей. Тут БАТЭ. А яны збіраюцца будаваць арэну. Для каго? Навошта?»