Павел Латушка

11 июля 2019 | 12 хв. чытання

Падчас сваёй выдатнай кар’еры дзяржаўнага служачага ён займаў пасады амбасадара Беларусі ў Польшчы, міністра культуры, амбасадара Беларусі ў Францыі, Іспаніі, Партугалii, Манака, пры ЮНЕСКА і Сусветнай турыстычнай арганізацыі, а з сакавіка з’яўляецца генеральным дырэктарам Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы. Мы сустрэліся з Паўлам Паўлавічам на месцы яго новай працы і паразмаўлялі пра тэатральную і беларускую культуру, жыццё дыпламата, адносіны з дачкой, а таксама спыталі яго пра астатнія амбіцыі.

Павел Латушка ilinterviews

 

Пра першыя поспехі на новай пасадзе

— Амаль 4 месяцы вы працуеце на новай пасадзе. Як поспехі?

— Гэта даволі складаны, супярэчлівы, але цікавы перыяд майго жыцця: шмат новай інфармацыі, прыходзіцца прымаць шмат рашэнняў ‒ напрацоўваць перспектывы развіцця тэатра, і на гэта скіравана значная частка ўсяго дня. Вольнага часу зусім мала.

— Вы аднойчы казалі, што наведваеце тэатр амаль 50 разоў штогод. Купалаўскі заўсёды быў фаварытам?

— Заўсёды быў аматарам тэатра. Да гэтага мяне прызвычаілі школа, мае бацькі. Пазней, працуючы ў Міністэрстве культуры, імкнуўся кожны тыдзень наведваць тэатры Мінска па некалькі разоў, а калі бываў у абласных цэнтрах, то таксама хадзіў у мясцовыя тэатры. Лічыў гэта вельмі важным з пункту гледжання разумення развіцця тэатральнага мастацтва нашай краіны, акцёрскай школы, рэжысёраў, драматургіі,  мастацтва ў цэлым.

Дарэчы ў гэты час рэалізоўвалася праграма рэканструкцыі ўсіх 27 дзяржаўных тэатраў краіны, якія былі ўпісаныя ў адпаведную пастанову Савета Міністраў. Бываючы ў Маскве ці Санкт-Пецярбурзе, кожны вечар перад выездам абавязкова наведваў тэатры. Працуючы дыпламатам, меў гонар наведваць тэатры ў Празе, Варшаве, Вене, Парыжы, Лондане. Таму сапраўды з’яўляюся аматарам, прыхільнікам тэатра, мне заўсёды гэта было цікава.

— Зараз вы кіраўнік Купалаўскага тэатра, але тут ёсць яшчэ адзін кіраўнік – мастацкі. Я даведаўся, што Мікалай Пінігін, які займае гэтую пасаду, ваш добры сябар. Як вы размяжоўваеце абавязкі паміж сабой?

— Мы яшчэ цалкам не распрацавалі гэтае размежаванне нашых абавязкаў, таму што на працягу апошніх трох месяцаў Мікалай Пінігін знаходзіўся ў Санкт-Пецярбурзе. Ён ставіць спектакль да юбілею вядомага расейскага акцёра, народнага артыста Алега Басілашвілі. Ён заканчвае гэтую працу і вяртаецца ў тэатр. Таму ён трошкі пакінуў мяне тут у самоце, у адзіноце (усміхаецца).

Канешне, мы павінны разумець, што генеральны дырэктар тэатра з’яўляецца кіраўніком установы і адказвае за ўсё, што адбываецца ў тэатры і ў адміністратыўнай, і ў фінансавай, і ў творчай галінах. Але вырашэнне галоўных творчых пытанняў, новых творчых праектаў – гэта прэрагатыва мастацкага кіраўніка. Гэта абсалютна разумею, і такога ўзаемнага пагаднення мы дасягнулі з Мікалаем Пінігіным.

Пра свабоду творчасці і юбілейны сезон

— Мінулым годам героем нашага інтэрв’ю быў актор РТБД, які распавядаў, як перад кожнай прэм’ерай спектакль аглядае спецыяльная камісія з Мінкульту, якая вырашае, ці можа гэты спектакль быць паказаны гледачам. Ці лічыце вы, што такая камісія наогул павінна быць?

— Наогул, лічу, што ствараць дадатковыя абмежаванні, апрача акрэсленых заканадаўствам, ці будаваць агароджу вакол культуры, у тым ліку тэатральнага мастацтва, было б не правільным. Важна пашыраць прастору і здымаць гэтую агароджу. Менавіта магчымасць самарэалізацыі таленавітых людзей, таленавітых калектываў і ўвогуле ўстаноў культуры з’яўляецца перадумовай развіцця культуры і мастацтва ў кожнай краіне свету. Не з’яўляецца выключэннем і Беларусь.

Павел Латушко интервью

 

— Вам пашанцавала быць кіраўніком Купалаўскага ў выдатны час – у наступным сезоне тэатр адзначае стагоддзе. Ці можаце ўжо зараз распавесці пра неспадзеўкі, якіх могуць чакаць гледачы ў юбілейным сезоне?

— Увогуле мне пашанцавала кіраваць вядучай установай культуры ў краіне, але тут ёсць вялікая адказнацсь, як бы пафасна гэта не гучала. Што тычыцца юбілейных мерапрыемстваў, сапраўды зараз мы напрацоўваем планы дзеянняў, нашыя падыходы. Гэта будуць новыя праекты, мы плануем больш прэм’ерных пастановак. Вельмі спадзяюся, што мы адкрыем малую сцэну Купалаўскага тэатра на вуліцы Энгельса. Мы працуем над гэтым пры падтрымцы Міністэрства культуры і пачалі праектаванне рамонтных работ, якія павінны скончыцца ў адпаведнасці з кантрактам да 2 снежня 2019 года. Калі нам дазволяць фінансавыя магчымасці, у наступным годзе мы завершым рамонт.

«Магчымасць рэалізацыі таленавітых людзей з’яўляецца перадумовай развіцця культуры і мастацтва»

Што тычыцца дадатковых праектаў, мы будзем пашыраць нашыя прасторы, выходзіць па-за сцены Купалаўскага тэатра з новымі праектамі, якія будуць скіраваны як на аматараў тэатра, так і на прыцягненне дадатковых гледачоў, якія маглі б зацікавіцца тэатральным мастацтвам.

— Тады будзем чакаць новага сезона.

— Думаю, што гэта знакавы юбілей не толькі для Купалаўскага тэатра, але і для культуры нашай краіны, для тэатральнага мастацтва. Бо фактычна Купалаўскі тэатр – першапачынальнік тэатральнага прафесійнага мастацтва Беларусі, і нам наканавана нашым лёсам, нашай адказнасцю напрацоўваць менавіта наватарскія падыходы ў гэтай сферы.

Пра працу амбасадарам у Францыі і Польшчы

— На працягу апошніх гадоў вы былі амбасадарам Беларусі ў Францыі. Якое галоўнае дасягненне на гэтай пасадзе вы можаце вызначыць?

— Ацэньваць іншым, канешне. Думаю, галоўным з’яўляецца тое, што мы пачалі фарбаваць у колеры той белы абшар, якім з’яўляецца Беларусь для французаў. Бо галоўная праблема, з якой сутыкнуўся пачынаючы працу ў Парыжы, гэта тое, што французы ўвогуле альбо вельмі мала ведаюць пра Беларусь, яе гісторыю, культуру, сучаснасць. Галоўным было пашыраць гэтую інфармацыю.

Калі агульна сказаць, усе праекты, якія налічваліся сотнямі (гэта наведванні дзясяткаў розных гарадоў Францыі, 700-800 тысяч кіламетраў дарог, адкрыццё ганаровых консульстваў, стварэнне эканамічнай камісіі, цэлы шэраг бізнес-форумаў, якія былі праведзены ўпершыню паміж нашымі краінамі, падпісанне двухбаковых дагавораў, культурныя падзеі, наватарскія акцыі), былі скіраваны на тое, каб пашырыць інфармацыю аб нашай Беларусі.

— Азіраючыся назад, ці падаецца вам, што нешта можно было зрабіць лепей?

— Канешне, самакрытыка – гэта добрая рыса. Мне падалося, што гэтыя шэсць год майго жыцця прайшлі як адзін дзень. Гледзячы сёння на 2012 год, на момант прызначэння, на выезд у Парыж, на працу ў Францыі – гэта было імгненне. Так што можна сказаць, не хапіла часу зрабіць больш.

 

— Я так разумею, што вы сустрэліся з вашым пераемнікам, спадаром Фісенка. Якія парады вы яму далі?

— Амбасадары не сустракаюцца ў краіне, дзе працуюць, бо прадстаўніком дзяржавы і яе кіраўніка можа быць толькі адзін амбасадар. Але зразумела, мы сустракаліся з ім раней і маем прыязныя адносіны, якія пачаліся ў далёкім 1994 годзе. Тады я быў яшчэ студэнтам, а ён пачынаў сваю працу ў сістэме Міністэрства замежных спраў. Пазней я працаваў у аддзеле, якім ён кіраваў. І так сталася ў маім жыцці, што ўжо я даваў яму афіцыйную рэкамендацыю падчас разгляду дакументаў на прызначэнне амбасадарам Беларусі ў Францыі і пастаянным прадстаўніком пры ЮНЕСКА. Пастараўся максімальна перадаць яму тую інфармацыю, якая была напрацавана падчас працы амбасадарам, аб кантактах. Гэта нармальная, лагічная справа, калі амбасадар, які сыходзіць, перадае гэтую інфармацыю таму, хто прыходзіць яму на змену.

— Спадзяемся, яго праца будзе выдатнай.

— Жадаю шчыра, каб у яго атрымалася, і яго праца была выніковай дзеля інтарэсаў нашай краіны.

— Калі параўноўваць вашую працу ў Польшчы і ў Францыі, дзе было больш выклікаў?

— Зразумела, што ў Польшчы. Польшча – наша суседняя краіна. З аднаго боку, мы славянскія народы, даволі блізкія ментальна, звязаныя гістарычна. Але з іншага боку, Польшча даволі складаны партнёр, бо праводзіць актыўную знешнюю палітыку ў адносінах да краін, якія паўсталі пасля распаду Савецкага Саюза, у тым ліку і да Беларусі. Мы таксама праводзім даволі актыўную палітыку ў нашых адносінах з Польшчай, таму былі складаныя моманты, моманты драматычнага характару, калі даводзілася абменьвацца дыпламатычнымі пратэстамі і нават ультыматумамі.

З іншага боку, я скончыў сваю місію ў якасці амбасадара Беларусі ў Польшчы, пакідаючы 18 разнастайных інструментаў міжурадавага і міжміністэрскага супрацоўніцтва па розных накірунках дзейнасці, з гандлёвым абаротам на карысць Беларусі. Так што былі ўзлёты, былі і падзенні, было шмат супярэчных і складаных момантаў. Але гэты быў вельмі цікавы, насычаны час прафесійнага і асабістага жыцця.

— Праца ў Польшчы не падалася адным імгненнем?

— Не, гэта былі гады працы (смяецца).

Пра публічнасць і амбіцыі дыпламата

— Ці правільна я разумею, што вы марылі быць дыпламатам яшчэ са студэнцкіх дзён?

— Так, сапраўды.

— Ці атрымалася ўсё ажыццявіць?

— Калі я быў студэнтам, працаваў у адной сёння ўжо буйной юрыдычнай кампаніі. Кіраўнік гэтай кампаніі сказала, што не падтрымлівае маю ідэю дзяржаўнай службы і нават працы ў Міністэрстве замежных спраў, бо лічыла яе даволі забюракратызаванай, вельмі штучнай і нецікавай. Але пазней яна ўсё ж такі прызнала, што гэта быў слушны выбар – праца дыпламатам.

Павел Латушко Купаловский театр

 

Дарэчы я значна згубіў у заробку – больш чым у 12 разоў. Гэта было складаным рашэннем, бо я ўжо меў сям’ю, дачку на выхаванні. Уладзімір Сянько (Міністр замежных спраў Беларусі з 1994 па 1997 гады), які прымаў мяне на работу, падчас першай размовы перад падпісаннем дакументаў сказаў мне: “Не ведаю як вы, але вашая дачка Яна ніколі не будзе шкадаваць аб тым, што вы будзеце працаваць беларускім дыпламатам”. Перакананы, што ні Яна, ні я ніколі не шкадавалі, што я працаваў дыпламатам незалежнай Беларусі.

— Далёка не кожны дыпламат прысутнічае ў сацыяльных сетках. Чаму вы вырашылі завесці Instagram?

— Гэта ўплыў маёй дачкі. Не хачу, каб падалося, што яна кіруе маім прафесійным ці прыватным жыццём (усміхаецца). Не, так не было, наадварот, яе характар падобны да майго – прынцыповы, жорсткі. Яна гатова адстойваць свой пункт гледжання таксама, як я. Але калісьці менавіта дачка мне сказала, што ў сучасным грамадстве павінен мець сваю старонку ў сацыяльных сетках.

Мы былі на дарозе паміж Барселонай і Мадрыдам пасля адкрыцця Ганаровага консульства Беларусі ў Барселоне, бо я таксама быў амбасадарам Беларусі ў Іспаніі па сумяшчальніцтве. І фактычна ў машыне мы заінсталявалі маю старонку ў Instagram. Для мяне было важна інфармаваць тых людзей, якія цікавяцца працай беларускіх дыпламатаў, дзяржаўных служачых, каб мець інструмент справаздачы перад грамадствам, што робіць чыноўнік, ці сапраўды адпрацоўвае той заробак, які плацяць падаткаплацельшчыкі.

— Як вы лічыце, якім павінен быць сапраўдны амбасадар? Што можаце параіць маладым дыпламатам, якія імкнуцца да такой кар’еры?

— На маю думку, дыпламатыя – унікальны інструмент, дзякуючы якому з немагчымага можна зрабіць магчымае, вызначая будучыню, якая грунтуецца на сённяшнім. У сваю чаргу амбасадар‒гэта асоба, якая знаходзіць кампрамісныя рашэнні ў інтарэсах сваёй краіны. Гэта цікавая і адказная праца.

Што тычыца маладога дыпламата, перад усім ён павінен мець здаровыя амбіцыі. Калі чалавек мае амбіцыі, гэта рухавік. Калі яны здаровыя, гэта цудоўна, бо чалавек працуе не толькі дзеля таго, каб самарэалізавацца, але робіць гэта ў інтарэсах дзяржавы, якую ён прадстаўляе. Дыпламат павінен быць актыўным. І вось здаровыя амбіцыі актыўнага чалавека – гэта перадумова працы дыпламатам, як і разуменне галоўнага ‒ ты працуеш дзеля сваёй Радзімы – Беларусі.

 

[1] Ці праўда, што вы пішаце вершы, але не плануеце іх выдаваць?

— Напісаў свае першыя так бы мовіць вершы, калі вучыўся ў школе. Гэта быў, можа, другі клас, вершы былі прысвечаны матуле. Пазней, у больш сталым узросце, напісаў можа сапраўды першы верш, калі гэта ўвогуле можна назваць паэзіяй. Гэта было ў 2004 годзе ў Сопаце, у Польшчы. Але друкаваць іх я не планую.

— Зараз не пішаце?

— Не маю імпэту (усміхаецца).

Павел Латушко

 

[2] Ці праўда, што вы пісалі курсавую працу па гісторыі БНР?

— Курсавых было шмат. Я пісаў і пра праблематыку калектывізацыі, і пра гісторыю БНР, пісаў дыплом па міжнароднаму праву – статусу супрацоўнікаў сістэмы ААН.

— Чаму гэта вас цікавіла?

— Гэта адзін з важных перыядаў нашай гісторыі, які безумоўна меў уплыў і на тое, што з’явілася БССР і сённяшняя незалежная Беларусь.

[3] Ці праўда, што зараз, пасля вашага прызначэння, усе супрацоўнікі Купалаўскага тэатру размаўляюць на беларускай мове?

— Гэтае пытанне мне заўсёды задавалі, калі працаваў міністрам культуры, потым – калі быў Амбасадарам у Францыі. Так што вы паўтараецеся (смяецца). Ніколі нікога не прымушаў размаўляць па-беларуску. Той, хто жадае размаўляць па-беларуску, калі ласка, заўсёды гэта буду шчыра падтрымліваць. Але прымушаць – не.

[4] Калі загугліць вашае імя, сярод папулярных запытаў ёсць “Павел Латушка хвароба”, “Павел Латушка схуднеў”. Ці праўда, што вы перанеслі нейкую хваробу?

— Здаровы лад жыцця не можа быць прычынай добрага выгляду? (усміхаецца).

[5] Ці праўда, што вы ганаровы член Асацыяцыі мушкецёраў?

— Так, сапраўды. Атрымаў тытул мушкецёра ў Францыі. Членамі Асацыяцыі між іншымі з’яўляюцца і амбасадары ЗША, Японіі, Расіі, і Генеральны дырэктар ЮНЕСКА, Князь Манака, акцёры славутага савецкага фільма.

З’яўляюся таксама Ганаровым амбасадарам Марсэля, Сант-Эмілёна, Ганаровым грамадзянінам горада Бецюн. Канешне гэта перад усім адзнакі павагі да амбасадара Беларусі.

— Хто ваш любімы з чатырох мушкецёраў?

— Канешне, гэта д’Артаньян. Памятаю, калі быў маленькі, маці дапамагала мне пашыць касцюм мушкецёра з паперы, а бацька зрабіў шпагу.

Пра прызначэнне на новую пасаду і вяртанне на працу ў міністэрства

— Калі прэзідэнт прызначаў новага амбасадара ў Францыі, ён сказаў: “Не скажу, что [во Франции] высочайший уровень нашего сотрудничества, но все-таки Латушко был там заметен”. Для вас гэта словы хвалы ці дакору?

— Прэзідэнт прызначае і здымае з пасады амбасадараў. Яго прэрагатыва ацэньваць іх працу.

— Вы казалі, што для вас новая пасада была сюрпрызам. Як наогул адбываецца працэдура прызначэння? Атрымліваецца, вы нават не маеце права голасу.

— Не, гэта не тое, што сюрпрыз. Гэта было нечаканым, але зразумела, што калі я даведаўся, што вызвалілася пасада генеральнага дырэктара Нацыянальнага тэатра імя Янкі Купалы, такая думка чамусьці прыйшла: а можа і мне прапануюць гэтую пасаду? І так сталася. Але зразумела, што была папярэдняя размова, пыталі маё меркаванне, ці згодны, ці не. І пасля гэтага рашэнне прымалася міністрам культуры па ўзгадненні з Прэм’ер-міністрам нашай краіны.

— А былі думкі пабыць амбасадарам у яшчэ якой краіне? Некаторыя меркавалі, што вы можаце стаць першым за доўгі час амбасадарам Беларусі ў ЗША.

— Я зноў паўтару, што прызначэнне амбасадараў – гэта прэрагатыва прэзідэнта краіны.

Шашуро Латушко

 

— Мы зараз знаходзімся зусім побач з Міністэрствам замежных спраў. Ці наведваецеся ў госці?

— Не, не наведваюся, але не скажу, што не падтрымліваю кантактаў. Калегі з міністэрства прыходзяць на спектаклі, мы сустракаемся на ланчах. Прымаю ўдзел  у пасяджэннях Нацыянальнай камісіі Рэспублікі Беларусь па справах ЮНЕСКА, якую ўзначальвае міністр замежных спраў. Не так даўно звярнуўся да МЗС з просьбай падтрымаць праз амбасады Беларусі стогадовы юбілей тэатра. Зразумела, у мяне засталіся знаёмыя, сябры, з якімі падтрымліваю кантакты.

— Вы некалькі хвілін таму казалі, што адметнай рысай дыпламата з’яўляюцца яго амбіцыі. А ў вас засталіся амбіцыі вярнуцца на працу ў міністэрства?

— Я працаваў усё жыццё дзяржаўным служачым, гэта было лёсавызначальным для мяне. Зразумела, што праца для дзяржавы заўсёды з’яўлялася для мяне прыярытэтам і застаецца на сённяшні дзень.

— Дык ці жадаеце вярнуцца?

— Я адказаў на пытанне (усміхаецца). Сёння я прыняў адказанасць за Нацыянальны тэатр імя Янкі Купалы і павінен несці гэтую адказнасць.

Пра галоўныя дасягненні ў беларускай культуры і пра яе развіццё

— Большасць грамадскасці лічыць вас лепшым міністрам культуры за ўсю гісторыю незалежнай Беларусі. Чым з вашага ўплыву на развіццё беларускай культуры вы будзеце найбольш ганарыцца?

— Галоўным было абудзіць ініцыятыву ў нашай сферы. Другое – стымуляваць дзяржаўна-прыватнае партнёрства ў сферы культуры як інструмента, дадаткова стымулюючага развіццё культуры краіны праз праектную дзейнасць. Таксама важным было прыняцце дзяржаўных праграм “Культура Беларусі”, “Замкі Беларусі”, пачатак Нацыянальнай тэатральнай прэміі, праект “Культурная сталіца года”, баль у Вялікім тэатры оперы і балета, стварэнне Цэнтра сучасных мастацтваў.

Але галоўным былі сістэмныя рашэнні, звязаныя з тым, што мы спрабавалі абудзіць ініцыятыву, пашырыць магчымасці для самарэалізацыі творчай асобы, пашырыць магчымасці дыялогу з дзеячамі культуры. Быў заініцыяваны Савет пры ўрадзе нашай краіны па пытаннях культуры, каб слухаць і пачуць тое, што кажуць дзеячы культуры.

Павел Латушко посол

 

— Якія культурныя мясціны ў Мінску вам больш падабаюцца? Па якіх з іх вы будзеце гуляць з унукамі?

— Давайце дачакаемся ўнукаў (усміхаецца). Думаю, тут трэба казаць, што нам ўвогуле трэба больш пазнаваць Беларусь праз наведванне рэгіёнаў нашай краіны, вельмі цікавай, выключна прыгожай. Менавіта гэтых краявідаў Беларусі не хапала апошнім часам. І тыя замкі, палацы, яшчэ на жаль неадноўленыя помнікі культуры, якія дыхаюць гісторыяй, у якіх можа разбураныя муры, але засталіся душа, яшчэ б’ецца сэрца. Вельмі важна пачуць бой гэтага сэрца і разглядзець душу дзеля таго, каб больш зразумець нашу краіну. І з унукамі, канешне, калі яны будуць, я буду наведваць розныя куткі Беларусі.

— Калі ўжо спытаў пра ўнукаў, яшчэ адно пытанне пра сям’ю. Ваша дачка вучыцца не ў Беларусі?

— На гэтым тыдні яна скончыла юрыдычны факультэт Беластоцкага ўніверсітэта. Працягвае адукацыю ў Вышэйшай школе фінансаў і кіравання.

«Вельмі важна пачуць бой гэтага сэрца і разглядзець душу дзеля таго, каб больш зразумець нашу краіну»

— Чаму вы вырашылі, што яна будзе вучыцца не ў Беларусі?

— Гэта не так. Перад гэтым дачка скончыла Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт. Яна прыняла рашэнне пераехаць са мной падчас маёй працы ў Парыж. Там яна не змагла адаптавацца, каб вучыцца. Таму яна вырашыла паспрабаваць працягнуць адукацыю ў Польшчы. Чаму была абрана Беласточчына? Там пражывае вялікая беларуская этнічная меншасць, дзейнічаюць беларускія асацыяцыі, таварыствы. Беларусы там жылі стагоддзямі. Там ёсць беларускія калектывы, праходзяць дзясяткі беларускіх фестываляў, у мяне там шмат сяброў, таму дачцы, думаю, было цікава вучыцца там.

— Яна размаўляе на беларускай?

— Так. Канешне, больш выкарыстоўвае рускую мову, але размаўляе і па-беларуску. Яна спявае ў беларускім калектыве “Прымакі” з Беластоку.

— Як вам падаецца, развіццё беларускай культуры будзе звязана з беларускай мовай?

— Безумоўна. Уявіць развіццё нацыянальнай культуры без моўнага складніка немагчыма. Але паняцце культуры больш шырокае. Выкананне твораў Чайкоўскага Дзяржаўным сімфанічным аркестрам у Беларускай дзяржаўнай філармоніі з’яўляецца часткай культуры Беларусі? Зразумела, так. Ці тут прысутнічае беларуская мова? Не. Але ўсё ж такі, калі мы кажам пра культуру беларускага этнасу, ці беларускай нацыі, як асноўнага складніка беларускай дзяржаўнасці, уявіць яе без мовы немагчыма.

— Што вызначыць развіццё беларускай культуры?

-Мы народ з багацейшай гісторыяй і культурай, якія дазваляюць нам ганарыцца гэтым, дапаўняючы сваёй спадчынай еўрапейскую культуру. Мы ня маем правоў нікога прымусіць любіць нас, але мы вартыя павагі як народ, зыходзячы з нашай гісторыі. Я думаю, што мы павінны захаваць тое, што напрацавана папярэднімі пакаленнямі. Напрыклад, у Францыі культура франкацэнтрычная – яна бачыць перад усім ролю французскай культуры ў фарміраванні сусветнай. Для нас жа асаблівасцю з’яўляецца тое, што падкрэслена ў прынцыпах ЮНЕСКА – разнастайнасць, унікальнасць культур розных народаў, якія з’яўляюцца складнікам і часткаю сусветнай. Багацце свету ў разнастайнасці.

Павел Латушко Купаловский театр

 

Мы адрозніваемся ад французскай культуры, ад польскай, ад рускай тым, што мы маем адметнае. Таму давайце захоўваць гэтую адметнасць. Для нас, канешне, важна пашыраць вядомасць Беларусі і беларускай культуры ў свеце менавіта праз гэтую адметнасць. Калі мы будзем падобнымі, калі будзем паўтараць штосьці, што зроблена да нас, і спрабаваць зрабіць гэта яшчэ раз, у нас можа атрымацца, але гэта будзе паўтор, копія. Давайце паказваць нашую ўнікальнасць.

— Як вам падаецца, у Беларусі ўсё будзе добра?

— Напэўна, так. Я аптыміст.

 

— Кава / гарбата?

— Кава з малаком.

— Балет / опера?

— Тэатр.

— Купала / Колас?

— Гэта і Купала, і Колас, і Багдановіч, і Караткевіч, і Быкаў – залатая пяцёрка.

— Парыж / Варшава?

— Мінск.

— Макс Корж / ЛСП?

— Алесь Камоцкі.

— Якую падзею беларускай гісторыі вы лічыце галоўнай?

— Падчас майго дарослага жыцця – гэта незалежнасць Беларусі.

— Якая мянушка была ў вас у школе?

— «Камуніст». Хоць я ліберал, і ў маіх поглядах няма камуністычных ідэалаў, але мяне так звалі за тое, што я казаў праўду. І ўсё жыццё гэта рабіў, ад гэтага цярпеў, але гэта не перашкаджала мне развівацца.

— Парайце кнігу прачытаць.

— Караткевіч “Каласы пад сярпом тваім”, Быкаў “У тумане”.

— Якая вашая самая адметная рыса?

— Сёння прыйшоў мой час дапамогаць, як калісьці дапамагалі мне іншыя.

— Скончыце сказ: “У Беларусі не хапае..”

— “На Беларусі Бог жыве” (усміхаецца).

— Калі б была магчымасць сустрэцца з любой гістарычная асобай, якая больш не жыве на зямлі, хто б гэта быў?

— Уладзімір Караткевіч. Часта думаю, што быў перыяд шасцідзясятых-васьмідзясятых гадоў, калі выбітныя постаці яшчэ былі жывымі, да іх можна было ўмоўна дакрануцца, паразмаўляць з імі. І вельмі шкадую, што ніколі не меў магчымасці гутарыць з Уладзімірам Мулявіным, што Васіля Быкава толькі бачыў  аднойчы, праходзячы побач на вуліцы. Шкадую, што сапраўды не размаўляў з Уладзімірам Караткевічам, з Рыгорам Барадуліным, Алесем Адамовічам. Гэты спіс можна працягваць і працягваць. Таму сёння імкнуся, наколькі гэта магчыма, размаўляць з асобамі ў сферы культуры, бо ўявіць сабе культуру без Асобы немагчыма. Культура – гэта агульнае, але гэта агульнае робяць канкрэтныя асобы.

 

 

 

— Павел Латушка праз 5 гадоў: што б вы хацелі, каб у яго змянілася?

— Не змянілася ‒ надалей быць грамадзянінам незалежнай Беларусі.

— Павел Латушка праз 25 гадоў: якім бы вы хацелі яго бачыць?

— Мудрым, але не занудным. Напрацаваным, але не стомленым. Задаволеным, але прагным працаваць і працуючым на карысць радзімы.