• Русский
  • English
  • Фіёна Гіб

    6 чэрвеня 2019 | 13 хв. чытання

    Размова з Амбасадарамі замежных дзяржаў – найлепшы шлях пабачыць, як іншаземцы ўспрымаюць Беларусь, бо яны тут жывуць, працуюць, а таксама маюць зносіны з рознымі групамі грамадства на працягу некалькіх год. Сустракайце спадарыню Фіёну Гіб, Амбасадара Вялікабрытаніі, чый трохгадовы тэрмін працы ў Беларусі заканчваецца ў жніўні. Яе служба запомніцца шматлікімі дыскусіямі і яскравымі прамовамі на тэму правоў чалавека, а таксама так званай спрэчкай пра вясёлкавы сцяг з Міністэрствам унутраных спраў. Мы сустрэліся са спадарыняй Гіб і паразмаўлялі пра яе самыя яскравыя ўспаміны пра Беларусь, пытанні для абмеркавання з прэзідэнтам і будучыню яе краіны.

    Фіёна Гіб ilinterviews

     

    Пра родную і замежныя мовы

    – Неверагодна, як добра вы валодаеце расейскай мовай! Апошнім разам мы сустракаліся з вамі на пачатку 2016 года, калі вы толькі пачалі яе вывучаць, а напрыканцы мінулага года вы на працягу цэлай гадзіны размаўлялі ў інтэрв’ю на расейскай! Як у вас атрымалася вывучыць яе так хутка?

    – Няўжо такое было? (усміхаецца). Я не размаўляю добра на рускай, але добра яе разумею. Гэта цяжкая мова, ёсць шмат розных спосабаў нешта сказаць, дзеясловы і прыназоўнікі складаныя, а яшчэ ёсць розныя склоны. Таму даволі цяжка гаварыць без памылак. Але мне падаецца, што калі ты жывеш тут на працягу двух-трох гадоў і слухаеш шмат расейскай мовы, гэта значна дапамагае.

    – Але чаму вы спачатку вырашылі вывучаць расейскую мову, а не беларускую?

    – Гэта пытанне ніколі не ўзнікала, таму што Міністэрства замежных спраў і па справах Садружнасці патрабавала вывучэнне менавіта расейскай мовы. Таму гэты выбар не залежыў ад мяне. Ва ўрадзе на расейскай мове размаўляюць значна больш. Было б цудоўна размаўляць па-беларуску, але гэта не вельмі практычна ў працоўных зносінах.

    – Ці лічыце вы праблемай тое, што ў нашай краіне родная мова замяняецца іншай?

    – Але ці не заўсёды тут размаўлялі на расейскай? Гісторыя бачыла шмат міграцый і змяненняў. Мы роўна ў тым стане, у якім знаходзімся. Расейская мова толькі адна з дзвюх афіцыйных у Беларусі, і гэта нармальна. Безумоўна, калі людзі захочуць размаўляць па-беларуску, яны будуць вывучаць мову. У любым выпадку я Амбасадар замежнай дзяржавы, і не мне каментаваць, на якой мове павінны размаўляць беларусы.

    – Тады дазвольце мне спытаць пра распаўсюджванне англійскай мовы ў Беларусі. З вашага вопыту, ці размаўляюць на англійскай наогул нашы дзяржаўныя служачыя?

    – Некаторыя служачыя з Міністэрства замежных спраў размаўляюць. Мне падаецца, у Міністэрствах фінансаў і эканомікі таксама. Магчыма больш людзей разумеюць англійскую мову, чым я ведаю, але не выкарыстоўваюць яе актыўна.

    Фіёна Гіб інтэрв'ю

     

    – З вашага пункту гледжання, ці павінна англійская мова быць больш распаўсюджанай сярод прадстаўнікоў дзяржаўнай службы?

    – І зноў, я не буду казаць, што павінна быць ў Беларусі, але я лічу, што англійская мова – міжнародная. Мне падаецца, што калі беларускія чыноўнікі едуць у В’етнам ці Аргенціну, то размову будуць вясці на англійскай, а не на в’етнамскай ці іспанскай. Безумоўна, можна звярнуцца да перакладчыкаў. Але калі ты выбіраешь адзіную мову для вывучэння і развіцця, валодаць англійскай вельмі важна.

    Пра кар’еру дыпламата, былога і наступнага Амбасадара

    – Давайце накіруемся ў вашае мінулае. Як вы вырашылі стаць дыпламатам?

    – Я прыйшла на кірмаш вакансій у Глазга. Я не навучалася там ва ўніверсітэце, але на кірмаш мог прыйсці кожны. Там быў стэнд Міністэрства замежных спраў і па справах Садружнасці, дзе супрацоўнікі распавядалі пра іх працу. Я ўзяла некалькі буклетаў і падумала, што вандраваць за мяжу і вывучаць палітіыку розных краінаў – гэта вельмі цікава. Таму я падала заяўку.

    – Ваша сям’я падтрымала гэтае рашэнне?

    – Так, дакладна. Яны разумелі, чаму гэта праца можа быць цікавай для мяне.

    – Няма шкадаванняў наконт гэтага?

    – Не, ніякіх. Я зрабіла добрую кар’еру ў Міністэрстве замежных спраў і па справах Садружнасці.

    – Перад тым, як прыехаць у Беларусь, вы паспелі папрацаваць у Іраку, Украіне, Нямеччыне, Йемене і нават у Самалі. Дзе ваша праца была найцяжэйшай?

    – Можна па-рознаму адказаць на гэта пытанне. Гледзячы, што маць на ўвазе: цяжка з-за клімату, ці цяжка з-за самой працы, ці цяжка з-за людзей? Я магу сказаць, што найцяжэй жыць было ў Іраку з-за гарачыні ці найцяжэй было ў Йемене з-за праблемаў бяспекі. На кожнай пазіцыі былі свае выклікі, але мне падабалася з імі спраўляцца.

    Пасол Вялікабрытаніі Беларусь

     

    – Ці сустракаліся вы з вашым папярэднікам, спадаром Брусам Бакнэлам, які працаваў у Мінску з 2013 да 2016?

    – Так, мы з Брусам сустракаліся на кубак кавы два ці тры разы ў Лондане перед тым, як я прыехала сюды. Ён пакінуў мне шмат заўваг пра супрацоўнікаў амбасады, пра працу, пра няўрадавыя арганізацыі. Ён даў мне парады, з якімі арганізацыямі зручна супрацоўнічаць, парады пра палітычныя зносіны.

    – Якая парада была найважнейшай?

    – Я ўжо не памятаю (усміхаецца). Запіскі, якія ён пакінуў мне, былі вельмі практычнымі. Ён працаваў з задавальненнем у свой час. Мая думка, для Бруса праца ў Мінску была цяжэйшай з-за санкцый, якія тады былі ўведзены супраць Беларусі. Таму яму было цяжка ўзаемадзейнічаць з урадам. Большасць санкцый была знята на пачатку 2016, усяго праз месяц пасля майго прыезду. Мне падаецца, Брус не мог зрабць столькі, колькі мы зрабілі за 3 гады толькі таму, што ЕЗ і Беларусь малі ўскладненыя адносіны.

    – У жніўні заканчваецца ваша служба ў Беларусі. Якую параду вы дасце новаму Амбасадару?

    – Гэта добрае пытанне, таму што мы актыўна кантактуем з наступным Амбасадарам. Я ўжо сустракалася з ёй аднойчы.

    – Значыць нехта ўжо прызначаны?

    – Безумоўна, ужо на працягу апошняга года яна вывучае расейскую мову. Новая Амбасадар прыбудзе ў жніўні пасля майго ад’езду. Мы сустракаліся ў Лондане ў лютым, і мы пабачымся зноў у чэрвені, калі я апынуся ў Лондане на некалькі дзён. І я таксама дам ёй некалькі парад, як я атрымала іх ад папярэдніка.

    – Якую найважнейшую параду вы дасце?

    – Найважнейшай парадай будзе працягваць штурхаць каманду амбасады (смяецца). Быць больш актыўнай, быць амбіцыйнай, працягваць развіццё палітычнага дыялогу, эканамічных зносінаў. Нашыя адносіны ў сферы абароны даволі кволыя. Таму трэба быць актыўна ўключаным у гэтыя пытанні, быць бачным і паказваць, што Вялікабрытанія прысутнічае тут. Гэта будзе маёй найважнейшай парадай.

    Пра культурныя падабенствы і адрозненні

    – У мінулым годзе амбасада вельмі паспяхова правяла брытанскі фестываль, які зноў пройдзе і ў гэтым годзе. Чаму для вас важна прынесці брытанскую культуру ў Беларусь?

    – Мне падаецца, што фестываль – гэта выдатны спосаб паказаць, што Вялікабрытанія прысутнічае, што мы сур’ёзна ставімся да адносін з Беларуссю. Мы хочам паказаць, што можа прапанаваць Вялікабрытанія, і заахвочваць цікавасць да нашай краіны з дапамогай розных зон фестывалю: адукацыя і вывучэнне англійскай мовы, наша дабрачынная праца.

    Фіёна Гіб фестываль
    Фіёна Гіб на фестывалі ў мінулым годзе (фота: kp.by)

     

    – Як фестываль гэтага году будзе адрознівацца ад папярэдняга? Ці чакаць нам сюрпрызаў?

    –  Шчыра кажучы, ён будзе вельмі падобны да таго, што быў мінулым разам. На сцэне будзе музыка, будуць ежа і напоі.

    – Ці прыедуць нейкія знакамітасці?

    – У нас сціплы бюджэт (смяецца). Таму мы не можам дазволіць сабе знакамітасцяў. Я не думаю, што Шан Эванс (хэдлайнер мінулага году) была добра вядомай тут. У гэтым годзе дадуць імпрэзу некалькі груп з Вялікабрытаніі. Мы не можам дазволіць сабе Пола Макартні, але ў нас будуць маладыя і таленавітыя выканаўцы.

    – Нягледзячы на тое, што Беларусь і Вялікабрытанія – еўрапейскія краіны, нашыя культуры і менталітэт не зусім падобныя. Я не магу не спытаць вас пра вясёлкавы сцяг, які вы зноў вывесілі ў гэтым годзе. Гэтым разам здавалася, што каментар Міністэрства ўнутраных спраў быў больш падрыхтаваным, чым у мінулым годзе. Ці спрабавалі вы сустрэцца са спадаром Шуневічам для абмеркавання гэтай сітуацыі?

    – Не, спадар Шуневіч вельмі заняты чалавек. Я не хачу красці яго час, каб абмяркоўваць гэтую тэму. Беларусь падпісала Усеагульную дэкларацыю правоў чалавека. А правы чалавека – гэта ўсе правы ўсіх людзей, у тым ліку супольнасць ЛГБТ. Вось чаму мы вывешваем сцяг – мы не прасоўваем ЛГБТ, мы інфармуем грамадства і прасоўваем роўныя правы для кам’юніці. Яны пакутуюць ад дыскрымінацыі ў Беларусі, але я не кажу, што сітуацыя ў Вялікабрытніі выглядае лепей. Гэтае кам’юніці пакутуе ад дыскрымінацыі па ўсім свеце.

    «Мы не прасоўваем ЛГБТ, мы прасоўваем роўныя правы для кам’юніці»

    Міністэрства ўнутраных спраў выступіла з заявай, напрыканцы якой было выказана меркаванне, што ЛГБТ-кам’юніці нясе адказнасць за шматлікія выпадкі гвалту над дзецьмі. Я не зусім разумею, што міністэрства мела на ўвазе, але казаць, што ЛГБТ-кам’юніці нясе адказнасць за сэксуальны гвалт над дзецьмі, абсалютна няправільна. Гэта адбываецца ў Беларусі, гэта, на жаль, таксама адбываецца ў кожнай вёсцы і кожным горазде Вялікабрытаніі. Але гэтая праблема ў Беларусі мае такі ж памер, як і ў маёй краіне. Я дакладна гэта ведаю, таму што брытанская паліцыя абмяркоўвала праблему дзіцячага анлайн-грумінгу з Міністэрствам унутраных спраў і службовымі асобамі. Беларускае міністэрства сказала нашым калегам з паліцыі, што адсотак насельніцтва, якое незаконна ўдзельнічае ў анлайн-грумінгу дзяцей у Беларусі, дакладна такі ж, як і ў Вялікабрытаніі. Гэта значыць, што ў Беларусі, як і ў Брытаніі, ёсць разнастайныя дарослыя мужчыны, якія сэксуальна гвалтуюць дзяцей і пры гэтым не абавязкова з’яўляюцца членамі ЛГБТ-кам’юніці. Таму не трэба казаць, што менавіта ЛГБТ адказна за гэтую праблему. Так, некаторыя з мужчын могуць быць прадстаўнікамі ЛГБТ, але гэта меншасць. У Беларусі досыць гетэрасэксуальных дарослых мужчын, якія сэксуальна гвалтуюць дзяцей. Таму я не згодна з заявай міністэрства, асабліва ў гэтым моманце. Але я не збіраюся ўдзельнічаць у дыскусіях з міністэрствам. У іх свая пазіцыя. Магчыма, яна зменіцца з цягам часу, а магчыма, стаўленне грамадства ў Беларусі стане менш кансерватыўным.

    – Я прачытаў, што ў Расеі амаль 50% насельніцтва падтрымліваюць надаванне ЛГБТ роўных правоў. На маю думку, сітуацыя ў Беларусі цалкам аднолькавая, асабліва сярод моладзі. Але прыняцце такога рашэння немагчыма без палітычнай волі. І гэта складана, таму што падаецца, што дыялог паміж чыноўнікамі і замежнымі амбасадамі па гэтым пытанні немагчымы.

    – Не, дыялог магчымы. Мы і іншыя дзяржавы-члены Еўразвязу маем вельмі добры дыялог. Прадстаўнікі нашых ўрадаў прыязджаюць у Беларусь, і наадварот. У нас адкрыты і сумленны палітычны дыялог, і ён уключае тэму правоў чалавека, ці гэта будзе несправядлівае падаўленне незалежных недзяржаўных СМІ, ці ціск на ЛГБТ-кам’юніці, альбо адсутнасць дазволаў мірна пратэставаць. У асноўным мы размаўляем праз Міністэрства замежных спраў, таму што гэта наш галоўны натуральны партнёр у дзяржаўным ведамстве.

    Фионна Гибб интервью

     

    Сёння я толькі што прыехала з канференцыі, на якой збіраліся ЮНІСЕФ разам з прадстаўнікамі Міністэрства ўнутраных спраў, юстыцыі, адукацыі, Генеральнай пракуратуры, Вярхоўнага суда, Нацыянальнага цэнтра заканадаўства, каб абмеркаваць пытанні аднаўленчага правасуддзя. Гэта двухдзённая канферэнцыя, мы яе фінансуем. Яе мэта – падтрымаць Беларусь у працэсе перагляду барацьбы за правы маладых людзей.

    Адсылаць маладого чалавека ў турму за тое, што ён скраў гаманец ці намаляваў графіці на вуліцы, не заўсёды найлепшая ідэя. Безумоўна, за некаторыя злачынствы патрэбна адсылаць у спецыяльную ўстанову: калі чалавек каго-небудзь згвалціў ці пратыкнуў нажом, ён уяўляе небяспеку і павінен правесці некаторы час у турме пры псіхалагічнай падтрымцы. Але ёсць і іншыя ўзроўні злачынстваў, калі маладога чалавека не трэба адсылаць ў турму. Беларускія ўлады вельмі адкрытыя да гэтых дыскусій. Безумоўна, пра некаторыя парушэнні правоў чалавека ўладам цяжэй размаўляць, напрыклад, пра свабоду СМІ альбо пра смяротнае пакаранне, але мы ўсё роўна падымаем гэтыя пытанні.

    – Так, і ваша праца вельмі важная. Я чуў шмат вашых заяваў пра гвалт у сям’і, знікненні журналістаў, правы чалавека. Але мне падаецца, што ўсё гэта пакуль толькі прамовы, а рэальныя вынікі яшчэ наперадзе. З вашага пункту гледжання, што яшчэ можна зрабіць?

    – У асноўным пытанні правоў чалавека падымаюць толькі амбасады ЕЗ і амерыканская амбасада. Іншыя амбасады могуць мець іншыя прыярытэты, напрыклад, эканамічныя адносіны. Але я не пагаджуся, што мы робім толькі прамовы. Такія воркшопы, як сённяшні, на тэму аднаўленчага правасуддзя для моладзі, вельмі важныя, таму што дапамагаюць развівацца мысленню ў Беларусі. Я не зусім упэўнена, што мы можам зрабіць нешта больш. Мы толькі дыпламаты. Наша работа – дыялог, зносіны, працэс –  нельга чакаць, што змены наступяць за ноч.

    «Замежныя дыпламаты не могуць прыйсці і проста змяніць усё»

    Я не ведаю, якой была краіна дзесяць гадоў таму, але размаўляю са старэйшымі беларусамі, якія ўдзельнічаюць у дыскусіях па правах чалавека, і яны кажуць, што ў параўнанні з пяццю гадамі таму, шмат змянілася з пункту гледжання дыялогу і абмеркаванняў пэўных пытанняў. Магчыма, зменаў не так шмат, але адкрытасць да дыялогу адрозніваецца ад таго, што было пяць гадоў таму. Нават самыя крытычныя праваабарончыя арганізацыі Беларусі, такія як “Вясна”, прызнаюць, што з цягам часу прастора для дыялогу адкрываецца. Я думаю, вам трэба зменшыць вашыя чаканні (смяецца). Замежныя дыпламаты не могуць прыйсці і проста змяніць усё. Мы з’яўляемся прадстаўнікамі нашых краін і служым, каб развіваць адносіны паміж дзяржавамі.

    Пра тэмы да абмеркавання з прэзідэнтам

    – На мінулым тыдні ваш калега з Германіі Пітэр Дэттмар сустрэўся з прэзідэнтам Лукашэнкам, паколькі тэрмін яго працы Амбасадарам ў Беларусі скончыўся. Ці жадаеце вы правесці такую сустрэчу з прэзідэнтам перад ад’ездам?

    – Справа не ў тым, ці жадаю я гэтага, а ў тым, ці запросіць прэзідэнт мяне на сустрэчу (усміхаецца). Гэта звычайная практыка, калі Амбасадар наведвае прэзідэнта ці Міністэрства замежных спраў перад тым, як закончыць службу ў краіне. Безумоўна, я буду чакаць сустрэчы з прадстаўніком міністэрства перад маім ад’ездам. А ці пабачуся я з прэзідэнтам цалкам залежыць ад яго. Я не ведаю, ці здзейсніцца гэта. Пітэр Дэттмар быў асаблівым Амбасадарам. Ён працаваў у Беларусі двойчы: некалькі месяцаў у 2010 годзе і праз пару гадоў ужо ў статусе Амбасадара. Нямеччына – вельмі важны партнёр Беларусі. Мая думка, прэзідэнт вельмі шануе асабісты ўклад Пітэра ў развіццё адносін. Мы бачыліся з Пітэрам некалькі дзён таму, і ён быў вельмі задаволены, што яго праца была прызнана.

    Гібб Лукашэнка
    Фіённа Гібб і Аляксандр Лукашэнка ў 2016 годзе (фота: naviny.by)

     

    – Але давайце ўявім, што прэзідэнт усё ж такі пакліча вас на сустрэчу. Якія пытанні вы б абмеркавалі з ім?

    – Я б размаўляла пра развіццё нашых адносінаў за апошнія чатыры гады. Міністры нашых дзяржаў некалькі разоў наведвалі нашыя краіны, ваш прэм’ер-міністр таксама прыедзе ў Брытанію. Вельмі шмат адбылося ў абодвух напрамках. Прэзідэнт сустракаўся з Прынцам Майклам Кентскім, прэзідэнт сустракаўся з Аланам Дунканам, намеснікам нашага міністра замежных спраў. Спадзяюся, што ў выпадку прыезду іншага нашага міністра падчас Еўрапейскіх гульняў, прэзідэнт знойдзе час сустрэцца і з ім. Мінскія гульні – вельмі напружаны час для ўсіх. Такім чынам, я падкрэслю развіццё нашых адносінаў, а таксама распавяду прэзідэнту пра свайго пераемніка.

    – І не будзеце абмяркоўваць аніякія праблемы?

    – Я думаю, што буду імправізаваць. Мне падаецца, будзе не зусім карэктна абмяркоўваць праблему смяротнага пакарання з прэзідэнтам, калі мне выпадзе шанец сустрэцца на развітальным выкліку. Але канчаткова я буду гэта вырашаць, калі прыйдзе час. Калі сустрэча адбудзецца, я падумаю пра гэта.

    Пра будучыню Вялікабрытаніі і Беларусі

    – Увесь свет ведае пра складаную сітуацыю з Брэкзітам, з якой зараз сутыкаецца Вялікабрытанія. Я не збіраюся задаваць пытанні пра вашае асабістае меркаванне наконт гэтага. Але як вам падаецца, у якую краіну вы вернецеся ў жніўні і што зменіцца на працягу бліжэйшых гадоў?

    – Я нават не ўяўляю! Брэкзіт быў і застаецца вельмі складанай тэмай у Вялікабрытаніі, таму што ўсё яшчэ не зразумела, што нас чакае. Літаральна. Праз два тыдні прэм’ер-міністр зноў прапануе на галасаванне парламенту пагадненне аб выхадзе. Я не магу спекуляваць наконт гэтага працэсу. Мая думка, палітыка ўрада заключаецца ў забеспячэнні Брэкзіту, так што ён адбудзецца. І мы будзем рухацца далей. Але я не думаю, што краіна зменіцца. Я думаю, што людзі будуць задаволены, калі ўсё вырашыцца.

    Фионна Гибб Антон Шашуро

     

    Брэкзіт будзе значыць новыя магчымасці для Вялікабрытаніі: новыя гандлёвыя пагадненні, новыя партнёрскія зносіны. Людзі хацелі вярнуць кантроль над рашэннямі, над межамі, і па плану, Брэкзіт гэта забяспечыць. Вялікабрытанія па-ранейшаму застанецца міжнародным гульцом, які займае вядучую ролю ў многіх міжнародных пытаннях. У цяперашні час увага міністра замежных спраў сфакусавана на свабодзе медыя ва ўсім свеце, і ў ліпені мы будзем сумесна праводзіць вялікую канферэнцыю ў Лондане па пытаннях свабоды СМІ. Брытанія працягне займаць вядучыя ролі, мы будзем супрацьстаяць, разлічваць і весці наперад. Мы з’яўляемся глабальным гульцом, і мы застанемся ім. У нас першакласная дыпламатычная служба, першакласныя дзяржаўныя служачыя, мы імкнемся прасоўваць змены і будзем гэтага прытрымлівацца.

    – Ці не баіцеся вы, што Брытанія можа згубіць некаторыя пазіцыі ў еўрапейскай сям’і?

    – Не думаю, што такое можа адбыцца. Брытанія ў значнай ступені частка Еўропы, нават не з’яўляючыся часткай ЕЗ у будучыні. Дакладны характар нашых адносінаў з пункту гледжання гандлю будзе вызначацца відам пагаднення аб выхадзе. Але мы – еўрапейская краіна, мы адчуваем сябе еўрапейцамі, і я не думаю, што гэта можа змяніцца.

    – Як вы думаеце, што павінна зрабіць Беларусь, каб быць больш уключанай у гэтую еўрапейскую сям’ю?

    – Можа быць, вырашыць некаторыя праблемы правоў чалавека. Гэта быў бы добры першы крок. Беларусь ведае, якія меры неабходна прыняць, каб зменшыць крытыку з боку ЕЗ. Напрыклад, працягваецца прымяненне смяротнага пакарання. Мы гаворым і гаворым пра гэта, і я думаю, што ўлады стаміліся нас слухаць, калі мы зноў абмяркоўваем гэтую праблему. Але ўвядзенне мараторыя было б сапраўды добрым крокам. Мараторый значыць толькі спыненне пакаранняў, не адмену. Я ведаю, што для адмены патрэбна правесці рэферэндум, але ж можна ўвесці мараторый.

    «Беларусь ведае, якія меры неабходна прыняць, каб зменшыць крытыку з боку ЕЗ»

    Таксама было б добра дазволіць людзям публічна пратэставаць, не толькі ў парку Бангалор і без платы ў 5,000 долараў. Не прыгнятаць прэсу, як падчас “справы “БелТА” супраць TUT.BY або нядаўняга рэйду ў офісы Белсату. Не штрафаваць мірных дэманстрантаў у Брэсце, якія магчыма маюць законную занепакоенасць з нагоды завода аўтамабільных акумулятараў. Не даваць ім штрафы ў 5,000 долараў. Багацце беларускага грамадства ў маладых людзях, ў арганізацыях грамадзянскай супольнасці. Няхай гэтыя групы грамадзянскай супольнасці квітнеюць, заахвочвайце і не бойцеся некаторых з іх.

    – Ці будзеце вы сумаваць па нечым ў Беларусі?

    – Шмат па чым. Я думаю, Беларусь – цудоўнае месца для жыцця, акрамя тых складаных пытанняў правоў чалавека, пра якія мы гаварылі. Мне падабаецца грамадства, мне падабаецца, як людзі ставяцца адзін да аднаго. Мне падабаецца, што людзі паважаюць адзін другога. Людзі паводзяць сябе тут значна лепш, чым у Брытаніі (усміхаецца). Я думаю, што галоўным чынам людзі працуюць вельмі старанна, яны вельмі таленавітыя. Я буду сумаваць па ўсім гэтым. І я буду сумаваць па прыгожых месцах, дзе я была. Я планую вярнуцца ў Беларусь прыватна. Магчыма, праз тры ці чатыры гады я вярнуся, арандую дачу і буду бясплатна выкладаць англійскую мову ў прыватным парадку. Мне сапраўды не патрэбны грошы. Дайце мне 10 яек, і я правяду для вас занятак англійскай! (смяецца).

    Фионна Гибб

     

    –  Як вы думаеце, у Беларусі ўсё будзе добра?

    – Я думаю, Беларусі патрабуецца некаторы час. Я зразумела, што ўлады маюць вельмі жорсткі кантроль, але ў некаторым сэнсе ў гэтым ёсць пазітыўныя моманты. Я параўноўваю з адсутнасцю бяспекі ў маёй краіне. Я не буду хадзіць па Лондане а другой гадзіне раніцы і адчуваць сябе ў бяспецы. Ці не ехала б на метро і адчувала сябе ў бяспецы ў пятніцу ўвечары побач з вялікай колькасцю п’яных людзей, якія прымаюць наркотыкі і не кантралююць сябе. У Лондане ты заўсёды аглядаеш наваколле, заўсёды ўважлівы са сваёй торбай. У Беларусі ўзровень злачыннасці вельмі нізкі. Я думаю, што гэта збольшага з-за страху перад міліцыяй. Мая думка, гэта добра.

    Таму усё будзе добра. Мне падаецца, што ўлада можа дазволіць сабе крыху аслабіць кантроль і дазволіць грамадзянскай супольнасці квітнець, бо менавіта яна забяспечвае  прапанаванне паслуг, як гэта робіцца ў нашай краіне. Хацелася б, каб прэзідэнт Лукашэнка падарожнічаў у еўрапейскія сталіцы. Я ведаю, што ён быў у Нью-Ёрку на Генеральнай Асамблеі ААН, ён быў у Рыме на сустрэчы з Папай Рымскім, але больш я не магу узгадаць якую-небудзь іншую еўрапейскую сталіцу, дзе б ён быў. Я думаю, выязджаць за мяжу вельмі важна.

     

    – Бег / вярховая язда?

    – Вярховая язда.

    – Узбярэжжа мора / горная вяршыня?

    – Узбярэжжа мора.

    – Кніга / кіно?

    – Кніга.

    – Instagram / Facebook?

    – Ніводнае.

    – Тыдзень у Мінску / дзень у Лондане?

    – Тыдзень у Мінску.

    – Ваша любімая вегетарыянская ежа?

    – Казіны сыр.

    – Што найбольш уразіла вашу маці ў Беларусі?

    – Яе чысціня!

    – Скончыце сказ: “У Беларусі не хапае..”

    – Гор!

    – Калі б у вас была магчымасць сустрэцца з любой гістарычная асобай, хто б гэта быў?

    – Леанарда да Вінчы.

    – Што б вы з ім абмеркавалі?

    – Яго неверагодны мозг!

     

     

    – Якой вы бачыце сябе праз 5 гадоў?

    – Не працуючай (смяецца). Я б хацела рабіць нешта іншае, не займацца гэтай працай. Я больш не хачу быць дыпламатам праз пяць гадоў. Я хачу працаваць няпоўны дзень, робячы нешта зусім іншае. Можа быць, працаваць з дзецьмі ці з жывёламі, нешта з экалогіяй. Магчыма у Вялікабрытаніі, але не абавязкова. Таму што я буду працаваць няпоўны дзень, у мяне будзе больш часу, каб убачыць сяброў, і больш часу для падарожжаў.

    – Якой вы бачыце сябе праз 25 гадоў?

    – Праз 25 гадоў я буду цалкам у адстаўцы, жыць дзе-небудзь, як у вельмі добрым брытанскім фільме “The Best Exotic Marigold Hotel”. Ён пра людзей, якія выйшлі на пенсію і не хочуць жыць у Вялікабрытаніі. Яны купляюць або бяруць у арэнду пустую гасцініцу ў Індыі і пачынаюць разам у ёй жыць. Гэта выдатны стары будынак па тыпу палаца. Кожны з іх жыве ў сваім нумары. З некаторымі з маіх сяброў мы жартавалі пра тое, каб мець уласны “Best Exotic Marigold” гатэль. Купіць дзе-небудзь выдатны будынак, мець ўласную прыватнасць, але і нейкую агульную зону – усё гэта ў прыгожым месцы, не абавязкова ў Вялікабрытаніі. Магчыма гэта адбудзецца праз 25 гадоў.